Закладки

Официальная правовая информация
Информационно-поисковая система ”ЭТАЛОН-ONLINE“, 29.03.2024
Национальный центр правовой информации Республики Беларусь

ЗАКОН РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

26 мая 2012 г. № 384-З

Аб афіцыйных геральдычных сімвалах

Прыняты Палатай прадстаўнікоў 3 мая 2012 года
Адобраны Саветам Рэспублікі 8 мая 2012 года

Изменения и дополнения:

Закон Республики Беларусь от 28 апреля 2015 г. № 256-З (Национальный правовой Интернет-портал Республики Беларусь, 01.05.2015, 2/2254);

Закон Республики Беларусь от 6 января 2021 г. № 86-З (Национальный правовой Интернет-портал Республики Беларусь, 13.01.2021, 2/2806) - внесены изменения и дополнения, вступившие в силу 14 января 2021 г., за исключением изменений и дополнений, которые вступят в силу 14 июля 2021 г.;

Закон Республики Беларусь от 6 января 2021 г. № 86-З (Национальный правовой Интернет-портал Республики Беларусь, 13.01.2021, 2/2806) - внесены изменения и дополнения, вступившие в силу 14 января 2021 г. и 14 июля 2021 г.

 

ГЛАВА 1
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ

Артыкул 1. Афіцыйныя геральдычныя сімвалы

Пад афіцыйнымі геральдычнымі сімваламі ў мэтах гэтага Закона разумеюцца заснаваныя адпаведнымі дзяржаўнымі органамі (службовымі асобамі), іншымі арганізацыямі сімвалы, якія адлюстроўваюць гістарычныя, геаграфічныя, нацыянальныя, сацыяльныя, культурныя, тапанімічныя і іншыя традыцыі і асаблівасці, з’яўляюцца сродкамі заахвочвання, ідэнтыфікацыі, ганаровымі сімваламі або ўказваюць на ўстанову адукацыі, якую скончыла асоба, службовую ці іншую прыналежнасць.

Афіцыйнымі геральдычнымі сімваламі з’яўляюцца:

гербы, флагі адміністрацыйна-тэрытарыяльных і тэрытарыяльных адзінак;

штандарт (флаг) Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;

эмблемы і нагрудныя знакі спецыяльных фондаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;

эмблемы, флагі, нагрудныя (за выключэннем знакаў ранення) і апазнавальныя знакі дзяржаўных органаў, іх структурных падраздзяленняў (службаў), воінскіх фарміраванняў, відаў і родаў войск Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь (далей, калі не ўстаноўлена іншае, – дзяржаўныя органы), іншых дзяржаўных некамерцыйных арганізацый, рэспубліканскіх дзяржаўна-грамадскіх аб’яднанняў, палітычных партый, прафесійных саюзаў, іншых грамадскіх аб’яднанняў, саюзаў (асацыяцый), фондаў, Беларускай натарыяльнай палаты, Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў, Беларускай гандлёва-прамысловай палаты, Палаты падатковых кансультантаў, пастаянна дзеючых трацейскіх судоў, створаных у якасці некамерцыйных арганізацый, прыватных устаноў адукацыі (далей, калі не ўстаноўлена іншае, – іншыя арганізацыі);

эмблемы і сцягі сіл тэрытарыяльнай абароны;

сцягі*, форменнае адзенне**, у тым ліку ваенная форма адзення, форма адзення;

знакі адрознення на форменным адзенні;

знакі ранення;

эмблемы, флагі, нагрудныя і апазнавальныя знакі асобных службаў некалькіх арганізацый рознай ведамаснай прыналежнасці, якія выконваюць аднолькавыя функцыі.

Да афіцыйных геральдычных сімвалаў, указаных у абзацы дзясятым часткі другой гэтага артыкула, прымяняюцца палажэнні, прадугледжаныя гэтым Законам для стварэння, заснавання, дзяржаўнай рэгістрацыі і выкарыстання афіцыйных геральдычных сімвалаў дзяржаўных органаў.

______________________________

* Сцягі засноўваюцца для арганізацый, уключаных у пералік арганізацый, якія маюць права на заснаванне сцягоў, які зацвярджаецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь па прапанове Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, узгодненай з Геральдычным саветам пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

** Форменнае адзенне засноўваецца для асоб, уключаных у пералік асоб, якія маюць права на нашэнне форменнага адзення, які зацвярджаецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь па прапанове Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, узгодненай з Геральдычным саветам пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 2. Асноўныя тэрміны, якія выкарыстоўваюцца ў гэтым Законе, і іх азначэнні

У гэтым Законе выкарыстоўваюцца наступныя асноўныя тэрміны і іх азначэнні:

апазнавальны знак – сімвал, які заснаваны для абазначэння прыналежнасці тэрыторый, будынкаў, збудаванняў, транспартных сродкаў, спецыяльнай тэхнікі і іншых аб’ектаў дзяржаўным органам, іншым арганізацыям;

апісанне афіцыйных геральдычных сімвалаў – тэкставая інфармацыя аб іх графічным эталоне;

выява афіцыйных геральдычных сімвалаў – іх графічны эталон, які выкананы ў каляровай версіі;

геральдычныя правілы – гістарычна ўсталяваныя патрабаванні да стварэння афіцыйных геральдычных сімвалаў;

герб – адметны сімвал, які адлюстроўвае гістарычныя, геаграфічныя, сацыяльныя, культурныя, тапанімічныя і іншыя асаблівасці адпаведнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай ці тэрытарыяльнай адзінкі, служыць для яе ідэнтыфікацыі і ўяўляе сабой выяву, размешчаную на шчыце;

Дзяржаўны геральдычны рэгістр Рэспублікі Беларусь (далей – Дзяржаўны геральдычны рэгістр) – дзяржаўны інфармацыйны рэсурс, у базе дадзеных якога ўтрымліваецца інфармацыя аб афіцыйных геральдычных сімвалах у мэтах іх уліку, сістэматызацыі і абнародавання;

знакі адрознення на форменным адзенні – пагоны, эмблемы, нарукаўныя знакі, наплечныя знакі, галуны, нашыўкі, лампасы, канты, вышыўкі, кукарды, гузікі і пятліцы;

нагрудны знак – сімвал, які заснаваны для заахвочвання (знак адзнакі) або ўказвае на ўстанову адукацыі, якую скончыла асоба, службовую ці іншую прыналежнасць (знак адрознення);

рэгіструючы орган – дзяржаўны орган (яго структурнае падраздзяленне), які вызначаецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь для выканання працэдуры, звязанай з падрыхтоўкай афіцыйных геральдычных сімвалаў да абавязковай геральдычнай экспертызы, іх заснаваннем і дзяржаўнай рэгістрацыяй;

сцяг – пачэсны сімвал гонару, доблесці і славы, які вырабляецца ў выглядзе палотнішча са спецыяльнымі атрыбутамі (дрэўка, наверша, стужкі, шнуры, кутасы, тасьма, махры, скаба, падток і інш.) у адзіным экзэмпляры;

флаг – сімвал, які адлюстроўвае гістарычныя, геаграфічныя, сацыяльныя, культурныя, тапанімічныя і іншыя асаблівасці адпаведнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай ці тэрытарыяльнай адзінкі, дзяржаўных органаў, іншых арганізацый, служыць для іх ідэнтыфікацыі, вырабляецца ў выглядзе палотнішча з захаваннем устаноўленых прапорцый і можа тыражавацца;

форменнае адзенне – сімвал, які ўказвае на службовую прыналежнасць асобы;

штандарт (флаг) Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – галоўны сімвал прэзідэнцкай улады ў Рэспубліцы Беларусь;

эмблема – сімвал, які заснаваны для ідэнтыфікацыі спецыяльных фондаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, дзяржаўных органаў, іншых арганізацый, сіл тэрытарыяльнай абароны.

Артыкул 21. Віды нагрудных знакаў

Нагрудныя знакі падраздзяляюцца на знакі адзнакі і знакі адрознення.

Да знакаў адзнакі адносяцца:

узнагародныя знакі;

знакі ранення;

памятныя знакі;

кваліфікацыйныя знакі.

Узнагародныя знакі – гэта знакі:

за адзнаку пры выкананні воінскага, службовага або грамадзянскага абавязку;

за поспехі ў воінскім, прафесійным майстэрстве або грамадскай дзейнасці;

за асаблівыя творчыя дасягненні ў сферы культуры і мастацтва;

за дасягненне асаблівых поспехаў у навучанні, навукова-даследчай, інтэлектуальнай і творчай дзейнасці.

Знакі ранення – гэта знакі, якія сведчаць аб раненні, кантузіі або іншай страце здароўя, атрыманых пры выкананні воінскага, службовага або грамадзянскага абавязку.

Памятныя знакі – гэта знакі:

за ўдзел у баявых дзеяннях або ліквідацыі наступстваў стыхійных бедстваў;

за ўдзел у важных дзяржаўных мерапрыемствах;

у памяць аб знамянальнай даце ў гісторыі дзяржавы;

у азнаменаванне юбілею дзяржаўнага органа, іншай дзяржаўнай некамерцыйнай арганізацыі, рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання, грамадскага аб’яднання, саюза (асацыяцыі), фонду, Беларускай натарыяльнай палаты, Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў, Беларускай гандлёва-прамысловай палаты, Палаты падатковых кансультантаў, пастаянна дзеючага трацейскага суда, створанага ў якасці некамерцыйнай арганізацыі, прыватнай установы адукацыі.

Кваліфікацыйныя знакі – гэта знакі:

за павышэнне ўзроўню прафесійнага майстэрства, дасягненне высокіх вынікаў у прафесійнай дзейнасці;

за дасягненне высокіх вынікаў у спорце, удасканаленне спартыўнага майстэрства.

Да знакаў адрознення адносяцца:

знакі аб заканчэнні ўстаноў адукацыі;

знакі службовай ці іншай прыналежнасці.

Артыкул 3. Сфера дзеяння гэтага Закона

Дзеянне гэтага Закона распаўсюджваецца на грамадскія адносіны, звязаныя са стварэннем, заснаваннем, дзяржаўнай рэгістрацыяй і выкарыстаннем афіцыйных геральдычных сімвалаў у Рэспубліцы Беларусь.

Дзеянне гэтага Закона не распаўсюджваецца на вызначэнне прававога статусу ордэнаў, медалёў і нагрудных знакаў да ганаровых званняў Рэспублікі Беларусь, а таксама на прававое рэгуляванне пытанняў дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь, ганаровых дзяржаўных сцягоў.

Артыкул 4. Заканадаўства аб афіцыйных геральдычных сімвалах

Заканадаўства аб афіцыйных геральдычных сімвалах грунтуецца на Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і складаецца з гэтага Закона і іншых актаў заканадаўства, якія рэгулююць адносіны ў гэтай сферы.

Артыкул 5. Асноўныя прынцыпы стварэння, заснавання, дзяржаўнай рэгістрацыі і выкарыстання афіцыйных геральдычных сімвалаў

Асноўнымі прынцыпамі стварэння, заснавання, дзяржаўнай рэгістрацыі і выкарыстання афіцыйных геральдычных сімвалаў з’яўляюцца:

законнасць стварэння, заснавання, дзяржаўнай рэгістрацыі і выкарыстання афіцыйных геральдычных сімвалаў;

публічнасць афіцыйных геральдычных сімвалаў;

захаванне агульнадзяржаўных інтарэсаў, гістарычных, нацыянальных, сацыяльных, культурных і іншых традыцый, геральдычных правіл, якія адносяцца да афіцыйных геральдычных сімвалаў;

ахова дзяржавай афіцыйных геральдычных сімвалаў.

Артыкул 6. Каардынацыя дзейнасці па правядзенні адзінай дзяржаўнай палітыкі ў галіне стварэння, заснавання, дзяржаўнай рэгістрацыі і выкарыстання афіцыйных геральдычных сімвалаў

Каардынацыю дзейнасці па правядзенні адзінай дзяржаўнай палітыкі ў галіне стварэння, заснавання, дзяржаўнай рэгістрацыі і выкарыстання афіцыйных геральдычных сімвалаў ажыццяўляе Геральдычны савет пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь (далей – Геральдычны савет).

Палажэнне аб Геральдычным савеце і яго персанальны склад зацвярджаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

ГЛАВА 2
СТВАРЭННЕ АФІЦЫЙНЫХ ГЕРАЛЬДЫЧНЫХ СІМВАЛАЎ

Артыкул 7. Падрыхтоўка і адабрэнне праектаў афіцыйных геральдычных сімвалаў

Стварэнне афіцыйных геральдычных сімвалаў складаецца з падрыхтоўкі іх праектаў, якія ўключаюць у сябе выяву афіцыйнага геральдычнага сімвала і яго апісанне, адабрэння гэтых праектаў адпаведнымі мясцовымі Саветамі дэпутатаў, дзяржаўнымі органамі, што ажыццяўляюць арганізацыйна-тэхнічнае забеспячэнне дзейнасці спецыяльных фондаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, сіл тэрытарыяльнай абароны, іншымі дзяржаўнымі органамі, дзяржаўнымі некамерцыйнымі арганізацыямі, рэспубліканскімі дзяржаўна-грамадскімі аб’яднаннямі, палітычнымі партыямі, прафесійнымі саюзамі, іншымі грамадскімі аб’яднаннямі, саюзамі (асацыяцыямі), фондамі, Беларускай натарыяльнай палатай, Беларускай рэспубліканскай калегіяй адвакатаў, Беларускай гандлёва-прамысловай палатай, Палатай падатковых кансультантаў, пастаянна дзеючымі трацейскімі судамі, створанымі ў якасці некамерцыйных арганізацый, прыватнымі ўстановамі адукацыі (далей, калі не ўстаноўлена іншае, – зацікаўленыя арганізацыі).

Адабрэнне праектаў афіцыйных геральдычных сімвалаў ажыццяўляецца шляхам прыняцця рашэнняў зацікаўленымі арганізацыямі або ў іншай форме згоды кіраўнікоў гэтых арганізацый. Адабрэнне праектаў афіцыйных геральдычных сімвалаў структурных падраздзяленняў (службаў), воінскіх фарміраванняў, відаў і родаў войск Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, падначаленых (якія ўваходзяць у склад, сістэму) рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання, ажыццяўляецца шляхам прыняцця рашэнняў кіраўнікамі адпаведных рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання.

Артыкул 8. Патрабаванні да праектаў афіцыйных геральдычных сімвалаў

Выявы афіцыйных геральдычных сімвалаў падрыхтоўваюцца ў адпаведнасці з геральдычнымі правіламі і з улікам агульнадзяржаўных інтарэсаў, гістарычных, геаграфічных, нацыянальных, сацыяльных, культурных, тапанімічных і іншых традыцый i асаблівасцей, службовай ці іншай прыналежнасці, асноўных накірункаў дзейнасці спецыяльных фондаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, дзяржаўных органаў, іншых арганізацый.

Выкарыстанне дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь у выявах афіцыйных геральдычных сімвалаў рэгулюецца заканадаўствам.

Выявы нагрудных знакаў не павiнны нагадваць дзяржаўныя ўзнагароды Рэспублікі Беларусь i перавышаць iх памеры, а таксама мець падобныя з iмi найменнi.

Апісанне афіцыйных геральдычных сімвалаў павінна адпавядаць іх выяве.

У апісанне афіцыйных геральдычных сімвалаў уключаецца інфармацыя, якая раскрывае сэнс выявы афіцыйнага геральдычнага сімвала, размяшчэнне і каляровае рашэнне яе элементаў, а таксама ўказвае на матывы выбару той ці іншай выявы афіцыйнага геральдычнага сімвала.

Пры наяўнасці ў выявах афіцыйных геральдычных сімвалаў надпісаў, зробленых на замежных мовах, у апісанні афіцыйных геральдычных сімвалаў указваецца пераклад гэтых надпісаў на адну з дзяржаўных моў Рэспублікі Беларусь.

Абрэвіятуры ў выявах афіцыйных геральдычных сімвалаў падлягаюць расшыфроўцы ў іх апісаннях.

Праекты афіцыйных геральдычных сімвалаў павінны адпавядаць патрабаванням гэтага Закона, у тым ліку ўлічваць падставы для вынясення Геральдычным саветам экспертнага заключэння аб немэтазгоднасці заснавання афіцыйнага геральдычнага сімвала, іншых актаў заканадаўства, а таксама не парушаць правы на інтэлектуальную ўласнасць.

Афіцыйныя геральдычныя сімвалы не павінны служыць мэтам ажыццяўлення прапаганды вайны ці экстрэмісцкай дзейнасці.

ГЛАВА 3
ЗАСНАВАННЕ АФІЦЫЙНЫХ ГЕРАЛЬДЫЧНЫХ СІМВАЛАЎ

Артыкул 9. Падрыхтоўка да правядзення абавязковай геральдычнай экспертызы афіцыйных геральдычных сімвалаў

Зацікаўленыя арганізацыі падаюць у рэгіструючы орган заяву аб правядзенні абавязковай геральдычнай экспертызы ў Геральдычным савеце афіцыйнага геральдычнага сімвала, які засноўваецца, у пісьмовым і электронным выглядзе. Патрабаванні да афармлення заявы вызначаюцца рэгіструючым органам. Да заявы прыкладаюцца:

каляровая выява афіцыйнага геральдычнага сімвала;

апісанне афіцыйнага геральдычнага сімвала;

праект палажэння аб афіцыйным геральдычным сімвале;

абгрунтаванне неабходнасці заснавання афіцыйнага геральдычнага сімвала.

У праекце палажэння аб знаку адзнакі павінны быць указаны:

катэгорыі грамадзян, якія ім узнагароджваюцца;

парадак прадстаўлення грамадзян да ўзнагароджання знакам адзнакі;

назва спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, дзяржаўнага органа, іншай арганізацыі;

парадак уручэння, нашэння і размяшчэння знака адзнакі;

парадак выдачы дублікатаў знака адзнакі і пасведчання да яго.

Праект палажэння аб знаку адзнакі можа змяшчаць і іншыя звесткі аб узнагароджанні грамадзян.

Рэгіструючы орган у пяцідзённы тэрмін накіроўвае паступіўшыя заяву і іншыя дакументы, указаныя ў частцы першай гэтага артыкула, у Геральдычны савет для правядзення абавязковай геральдычнай экспертызы афіцыйнага геральдычнага сімвала, які засноўваецца.

Артыкул 10. Абавязковая геральдычная экспертыза афіцыйных геральдычных сімвалаў

Абавязковая геральдычная экспертыза афіцыйных геральдычных сімвалаў праводзіцца Геральдычным саветам у двухмесячны тэрмін.

Па выніках праведзенай абавязковай геральдычнай экспертызы Геральдычны савет выносіць адно з наступных экспертных заключэнняў:

аб магчымасці заснавання афіцыйнага геральдычнага сімвала;

аб неабходнасці дапрацоўкі афіцыйнага геральдычнага сімвала;

аб немэтазгоднасці заснавання афіцыйнага геральдычнага сімвала.

Падставамі для вынясення Геральдычным саветам экспертнага заключэння аб немэтазгоднасці заснавання афіцыйнага геральдычнага сімвала могуць быць:

тоеснасць, падобнасць афіцыйнага геральдычнага сімвала да дзяржаўных сімвалаў і ўзнагарод Рэспублікі Беларусь, іншых дзяржаў, іншага сімвала, які раней быў унесены ў Дзяржаўны геральдычны рэгістр, зарэгістраванага ва ўстаноўленым парадку таварнага знака, знака абслугоўвання;

выкарыстанне ў якасці афіцыйнага геральдычнага сімвала або яго часткі элемента, які ўвайшоў у агульнае ўжыванне з іншым сэнсам (стаў агульнавядомым у іншым значэнні);

парушэнне геральдычных правіл, неадпаведнасць агульнадзяржаўным інтарэсам, гістарычным, нацыянальным, сацыяльным, культурным і іншым традыцыям;

невыкананне патрабаванняў, якія змяшчаюцца ў частцы восьмай артыкула 8 гэтага Закона.

Неадпаведнасць прадстаўленых дакументаў патрабаванням, якія змяшчаюцца ў частках першай і другой артыкула 9 гэтага Закона, з’яўляецца падставай для вяртання дакументаў без правядзення абавязковай геральдычнай экспертызы.

Аб выніках праведзенай абавязковай геральдычнай экспертызы Геральдычны савет паведамляе рэгіструючаму органу ў пяцідзённы тэрмін з дня вынясення адпаведнага экспертнага заключэння.

Рэгіструючы орган у пяцідзённы тэрмін пасля атрымання экспертнага заключэння Геральдычнага савета паведамляе зацікаўленым арганізацыям аб магчымасці заснавання афіцыйнага геральдычнага сімвала, або аб неабходнасці яго дапрацоўкі, або аб немэтазгоднасці яго заснавання.

Экспертнае заключэнне Геральдычнага савета можа быць абскарджана ў Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 11. Прыняцце рашэння аб заснаванні афіцыйнага геральдычнага сімвала

Афіцыйныя геральдычныя сімвалы засноўваюцца зацікаўленымі арганізацыямі пасля атрымання экспертнага заключэння Геральдычнага савета аб магчымасці заснавання гэтых афіцыйных геральдычных сімвалаў, калі іншае не прадуглеждана часткамі другой і трэцяй гэтага артыкула.

Гербы, флагі адміністрацыйна-тэрытарыяльных і тэрытарыяльных адзінак, штандарт (флаг) Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, эмблемы і нагрудныя знакі спецыяльных фондаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, эмблемы, флагі, нагрудныя і апазнавальныя знакі дзяржаўных органаў (за выключэннем іх структурных падраздзяленняў (службаў)), эмблемы і сцягі сіл тэрытарыяльнай абароны, сцягі, форменнае адзенне, знакі адрознення на форменным адзенні (за выключэннем знакаў адрознення па воінскіх фарміраваннях і функцыянальным прызначэнні ваеннаслужачых), знакі ранення засноўваюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь таксама могуць быць заснаваны афіцыйныя геральдычныя сімвалы асобных службаў некалькіх арганізацый рознай ведамаснай прыналежнасці, якія выконваюць аднолькавыя функцыі.

Для прыняцця Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь рашэння аб заснаванні афіцыйных геральдычных сімвалаў, указаных у частцы другой гэтага артыкула, адпаведныя зацікаўленыя арганізацыі пасля атрымання паведамлення аб вынясенні Геральдычным саветам экспертнага заключэння аб магчымасці заснавання афіцыйнага геральдычнага сімвала рыхтуюць праект нарматыўнага прававога акта і ва ўстаноўленым парадку прадстаўляюць яго Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь.

Знакі адрознення па воінскіх фарміраваннях і функцыянальным прызначэнні ваеннаслужачых засноўваюцца адпаведнымі дзяржаўнымі органамі, у якіх прадугледжана ваенная служба.

Афіцыйныя геральдычныя сімвалы, якія заснаваны з парушэннем патрабаванняў заканадаўства або не зарэгістраваны ва ўстаноўленым парадку, лічацца несапраўднымі.

ГЛАВА 4
ДЗЯРЖАЎНАЯ РЭГІСТРАЦЫЯ АФІЦЫЙНЫХ ГЕРАЛЬДЫЧНЫХ СІМВАЛАЎ

Артыкул 12. Парадак дзяржаўнай рэгістрацыі афіцыйных геральдычных сімвалаў

Вядзенне Дзяржаўнага геральдычнага рэгістра ажыццяўляе рэгіструючы орган.

Рэгіструючы орган уносіць заснаваны афіцыйны геральдычны сімвал у Дзяржаўны геральдычны рэгістр разам з яго выявай, апісаннем, палажэннем аб гэтым сімвале і копіяй пасведчання аб яго дзяржаўнай рэгістрацыі і выдае пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі афіцыйнага геральдычнага сімвала.

Новы (зменены) афіцыйны геральдычны сімвал, які засноўваецца замест зарэгістраванага раней, а таксама дапрацаваны афіцыйны геральдычны сімвал на падставе экспертнага заключэння Геральдычнага савета падлягаюць абавязковай геральдычнай экспертызе ў парадку, устаноўленым главой 3 гэтага Закона, і дзяржаўнай рэгістрацыі.

Афіцыйныя геральдычныя сімвалы (за выключэннем нагрудных знакаў) адміністрацыйна-тэрытарыяльных і тэрытарыяльных адзінак, спецыяльных фондаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, дзяржаўных органаў, сіл тэрытарыяльнай абароны, іншых дзяржаўных арганізацый рэгіструюцца пасля іх заснавання, а іншых арганізацый, якія маюць права на заснаванне афіцыйных геральдычных сімвалаў, – і пасля выплаты дзяржаўнай пошліны ў адпаведнасці з падатковым заканадаўствам.

Нагрудныя знакі спецыяльных фондаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, дзяржаўных органаў, іншых дзяржаўных арганізацый рэгіструюцца пасля іх заснавання, прамысловага вырабу і перадачы ў двух экзэмплярах кожнага нагруднага знака ў рэгіструючы орган і дзяржаўную ўстанову «Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь», а іншых арганізацый – і пасля выплаты дзяржаўнай пошліны ў адпаведнасці з падатковым заканадаўствам.

Выраб нагруднага знака ажыццяўляецца толькі пры яго адпаведнасці выяве гэтага афіцыйнага геральдычнага сімвала, зацверджанай у парадку, устаноўленым гэтым Законам.

Артыкул 13. Выключэнне афіцыйных геральдычных сімвалаў з Дзяржаўнага геральдычнага рэгістра

Выключэнне афіцыйных геральдычных сімвалаў з Дзяржаўнага геральдычнага рэгістра ажыццяўляецца:

пры прыняцці Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь адпаведнага рашэння;

па заявах арганізацый, якія заснавалі афіцыйныя геральдычныя сімвалы;

у выпадку спынення існавання адпаведных адміністрацыйна-тэрытарыяльнай або тэрытарыяльнай адзінкі, спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, дзяржаўнага органа, іншай арганізацыі.

ГЛАВА 5
ВЫКАРЫСТАННЕ АФІЦЫЙНЫХ ГЕРАЛЬДЫЧНЫХ СІМВАЛАЎ

Артыкул 14. Выкарыстанне гербаў і флагаў

Гербы і флагі адміністрацыйна-тэрытарыяльных і тэрытарыяльных адзінак, флагі дзяржаўных органаў, іншых арганізацый (далей – гербы і флагі) размяшчаюцца ў іх будынках, памяшканнях пасяджэнняў і службовых кабінетах іх кіраўнікоў.

Гербы і флагі могуць размяшчацца ў тых месцах, дзе ў адпаведнасці з заканадаўствам прадугледжана размяшчэнне Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўнага флага Рэспублікі Беларусь. Іх размяшчэнне ў гэтым выпадку вызначаецца ў адпаведнасці з заканадаўствам.

Выкарыстанне гербаў і флагаў рэгламентуецца палажэннямі аб гэтых афіцыйных геральдычных сімвалах.

Артыкул 15. Выкарыстанне штандарта (флага) Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, сцягоў

Парадак выкарыстання штандарта (флага) Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (арыгінала і дублікатаў), сцягоў устанаўліваецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 16. Выкарыстанне выяў эмблем

Выявы эмблем спецыяльных фондаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, дзяржаўных органаў, іншых арганізацый, сіл тэрытарыяльнай абароны (далей – выявы эмблем) размяшчаюцца ў месцах знаходжання гэтых фондаў, дзяржаўных органаў, іншых арганізацый, сіл тэрытарыяльнай абароны.

Выявы эмблем могуць выкарыстоўвацца пры стварэнні іншых афіцыйных геральдычных сімвалаў адпаведных спецыяльных фондаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, дзяржаўных органаў, іншых арганізацый, сіл тэрытарыяльнай абароны.

Выкарыстанне выяў эмблем рэгламентуецца палажэннямі аб эмблемах.

Артыкул 17. Выкарыстанне нагрудных знакаў

Нагрудныя знакі вырабляюцца, як правіла, з металу метадам ліцця або штампоўкі і пакрываюцца каляровымі эмалямі. Пры гэтым нагрудныя знакі могуць складацца з некалькіх частак (калодкі і падвескі), быць камбінаванымі або суцэльнаштампаванымі.

Забараняецца нашэнне замест нагрудных знакаў планак са стужкамі.

Нагрудныя знакі (за выключэннем знакаў службовай ці іншай прыналежнасці) уручаюцца ва ўрачыстай абстаноўцы. Разам са знакам адзнакі ўручаецца пасведчанне да яго.

Знакі службовай прыналежнасці выдаюцца на перыяд выканання службовых абавязкаў, калі іншае не вызначана заканадаўчымі актамі.

Аб узнагароджанні знакам адзнакі робіцца запіс ва ўліковых дакументах.

Паўторнае ўзнагароджанне адным і тым жа знакам адзнакі, акрамя знакаў, якія маюць ступені, не праводзіцца, калі іншае не вызначана Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. Узнагароджанне знакамі адзнакі, якія маюць ступені, праводзіцца паслядоўна ад ніжэйшай ступені да вышэйшай.

Грамадзяне Рэспублікі Беларусь, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія выязджаюць з Рэспублікі Беларусь, маюць права вывозіць нагрудныя знакі, якія належаць асабіста ім, і адпаведныя дакументы да іх.

Патрабаванні частак першай, другой і пятай гэтага артыкула не распаўсюджваюцца на нагрудныя знакі, якія заснаваны да 6 снежня 2000 г.

Артыкул 18. Выкарыстанне апазнавальных знакаў

Апазнавальныя знакі дзяржаўных органаў, іншых арганізацый могуць выкарыстоўвацца для абазначэння прыналежнасці ім тэрыторый, будынкаў, збудаванняў, транспартных сродкаў, спецыяльнай тэхнікі, іншых аб’ектаў.

Артыкул 19. Выкарыстанне форменнага адзення і знакаў адрознення на форменным адзенні

Форменнае адзенне і знакі адрознення на форменным адзенні ваеннаслужачых, работнікаў (супрацоўнікаў) дзяржаўных органаў, іншых дзяржаўных арганізацый і рэспубліканскіх дзяржаўна-грамадскіх аб’яднанняў выкарыстоўваюцца асобамі (за выключэннем асоб, звольненых з ваеннай службы (службы) з правам нашэння форменнага адзення і знакаў адрознення на форменным адзенні) пры выкананні прафесійных задач, службовых абавязкаў, удзеле ў святочных мерапрыемствах, атрыманні дзяржаўных узнагарод, узнагарод міжнародных і грамадскіх арганізацый Рэспублікі Беларусь, прызначэнні на пасаду, прысваенні спецыяльных і воінскіх званняў, а таксама ў іншых выпадках.

Асобы, звольненыя з ваеннай службы (службы) з правам нашэння форменнага адзення і знакаў адрознення на форменным адзенні, выкарыстоўваюць форменнае адзенне і знакі адрознення на форменным адзенні пры ўдзеле ў святочных мерапрыемствах.

Артыкул 191. Меры па ахове афіцыйных геральдычных сімвалаў

Не дапускаецца выкарыстанне з парушэннем парадку, устаноўленага гэтым Законам і іншымі актамі заканадаўства, грамадзянамі або арганізацыямі афіцыйных геральдычных сімвалаў, а таксама сімволікі, ідэнтычнай або падобнай да ступені блытаніны да афіцыйных геральдычных сімвалаў дзяржаўных органаў, іншых арганізацый або накіраванай па сваім змесце на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы, грамадскаму парадку, маральнасці, правам і свабодам іншых асоб.

Нашэнне асобамі, не ўключанымі ў пералік асоб, якія маюць права на нашэнне форменнага адзення, форменнага адзення са знакамі адрознення на форменным адзенні забараняецца.

ГЛАВА 6
ЗАКЛЮЧНЫЯ ПАЛАЖЭННІ

Артыкул 20. Адказнасць за парушэнне заканадаўства аб афіцыйных геральдычных сімвалах

Парушэнне заканадаўства аб афіцыйных геральдычных сімвалах цягне за сабой адказнасць у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.

Артыкул 21. Унясенне змянення ў закон

В части первой статьи 5 Закона Республики Беларусь от 12 июля 2000 года «О статусе столицы Республики Беларусь – города Минска» (Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2000 г., № 67, 2/185; 2011 г., № 64, 2/1822) слова «, флаг и знамя» заменить словами «и флаг».

Артыкул 22. Меры па рэалізацыі палажэнняў гэтага Закона

Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь у шасцімесячны тэрмін:

забяспечыць прывядзенне актаў заканадаўства ў адпаведнасць з гэтым Законам;

прыняць іншыя меры, неабходныя для рэалізацыі палажэнняў гэтага Закона.

Артыкул 23. Уступленне ў сілу гэтага Закона

Гэты Закон уступае ў сілу праз дзесяць дзён пасля яго афіцыйнага апублікавання.

 

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь

А.Лукашэнка

 

Здравствуйте, данный браузер не поддерживается нашей системой, для продолжения работы воспользуйтесь другим браузером.